Аднаўленне пасля COVID-19: вітамінапрафілактыка і рацыянальнае харчаванне
Вітамінапрафілактыка – працэс ужывання вітамінаў пры пэўных фізіялагічных станах (цяжарнасць, павышаныя фізічныя нагрузкі і да т.п.), а таксама пры некаторых захворваннях з мэтай папярэджання развіцця вітамінавай недастатковасці.
Ні для каго не сакрэт, што пры штодзённым выкананні намі пэўнай дзейнасці адбываецца расход розных рэсурсаў нашага арганізма. У прыватнасці, з мэтай павелічэння працаздольнасці, а таксама прафілактыкі розных неінфекцыйных, аліментарназалежных станаў, у рацыёне павінны прысутнічаць асноўныя кампаненты ежы, аднымі з якіх з’яўляюцца вітаміны. Вітаміны ўдзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў; яны з’яўляюцца біялагічнымі каталізатарамі або рэагентамі фотахімічных працэсаў, якія праходзяць у арганізме, таксама яны актыўна ўдзельнічаюць ува ўтварэнні ферментаў. Вітаміны ўплываюць на засваенне пажыўных рэчываў, спрыяюць нармальнаму росту клетак і развіццю ўсяго арганізма. З’яўляючыся складовай часткай ферментаў, вітаміны вызначаюць іх нармальную функцыю і актыўнасць. Нястача, а тым больш адсутнасць у арганізме якога-небудзь вітаміну вядзе да парушэння абмену рэчываў. Пры нястачы іх у ежы зніжаецца працаздольнасць чалавека, супраціўляльнасць арганізма да захворванняў, да дзеяння неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя. У выніку дэфіцыту або адсутнасці вітамінаў развіваецца вітамінавая недастатковасць.
Пры павелічэнні арганізмам сваёй фізічнай актыўнасці альбо ў “нязвыклым” для яго стане аўтаматычна павялічваецца неабходнасць спажывання “вітамінных запасаў” у арганізме.
У цяперашні час, у перыяд распаўсюджвання COVID-19, наш арганізм знаходзіцца ў пастаянным стрэсе, незалежна ад таго, у якой фазе знаходзіцца чалавек на дадзены момант (перадхваробы, хваробы або аднаўлення): тут будзе мэтазгодна звярнуць увагу на наш вітамінавы склад.
Такім чынам, вітамінапрафілактыка – гэта, па сутнасці сваёй, прыём вітамінаў у мэтах прафілактыкі захворванняў. Напрыклад, у барацьбе з ВРЗ акцэнт варта зрабіць на такія дабаўкі як В2 (рыбафлавін). Дзякуючы яму, клеткі арганізма актыўна выпрацоўваюць энергію, і яму становіцца прасцей змагацца з вірусамі. Падчас хваробы арганізму таксама спатрэбіцца вітамін А (рэтынол), асноўнымі крыніцамі якога з’яўляюцца рыбін тлушч і печань. Рэтынол прымае актыўны ўдзел у функцыянаванні імуннай сістэмы.
Якія ж вітаміны з’яўляюцца самымі карыснымі пры прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі?
Найбольш важныя рэчывы для падтрымкі імуннай сістэмы пры COVID-19 – гэта вітаміны D і C, цынк, а таксама амега-3-ненасычаныя кіслоты.
Вітамін D. Спажыванне вітаміну D добра падыходзіць людзям, якія знаходзяцца на самаізаляцыі. Адсутнасць дабратворнага ўплыву на арганізм, які аказваецца сонечным святлом, якраз можна кампенсаваць з дапамогай вітаміну D. Акрамя таго, дадзены вітамін рэкамендуецца прымаць людзям сталага ўзросту, паколькі іх узрост, сам па сабе, з’яўляецца фактарам рызыкі развіцця інфекцыі. Апроч іншага, у сталым узросце таксама высокая верагоднасць больш цяжкага ходу захворвання.
Вітамін С. Ён жыццёва неабходны для імуннай сістэмы, бо гэта магутны антыаксідант, які абараняе арганізм ад дзеяння свабодных радыкалаў, якія пашкоджваюць і руйнуюць здаровыя клеткі.
Цынк. Цынк іграе важную ролю ва ўтварэнні лейкацытаў – галоўных абаронцаў арганізма ад інфекцыйных агентаў. Цынк ачышчае слізістую абалонку ад вірусаў, аднаўляе тканкавыя бар’еры і цэласнасць эпітэлію, што ўскладняе пранікненне патагенаў у кроў, а таксама заглушае рэплікацыю віруса.
Амега-3 тлустыя кіслоты. Амега-3-ненасычаныя тлустыя кіслоты ўваходзяць у склад клеткавых мембран і крывяносных сасудаў. Яны таксама неабходныя для правільнай працы імуннай сістэмы.
Аднак не варта забываць пра тое, што ўсе высновы навукоўцаў аб эфектыўнасці вітамінаў пакуль з’яўляюцца папярэднімі і ні ў якім разе не з’яўляюцца заклікам да дзеяння – любыя прэпараты, у тым ліку і вітаміны, варта прымаць толькі пасля прызначэння ўрача.
Як спякота і няправільнае харчаванне ўплываюць на ход COVID-19?
Анамальная спякота сапраўды можа паспрыяць росту захворвання на COVID-19. Звязана гэта з наступнымі фактарамі: у гарачае надвор’е людзі часцей збіраюцца ў памяшканнях. Ва ўмовах цеснаты вірус распаўсюджваецца значна хутчэй, чым на свежым паветры. На экспертную думку, спякоты ў +30 градусаў недастаткова для імгненнага выпарэння віруса. Для яго нейтралізацыі за хвіліну неабходна тэмпература вышэй за 50–60 градусаў. Калі пры звычайнай тэмпературы тэрмарэгуляцыя ўключаецца толькі на змаганне з вірусам, то ў такое надвор’е яна яшчэ працуе на барацьбу са спякотай. Адбываецца абязводжванне, інтаксікацыя арганізма. У такое надвор’е пераносіць сімптомы хваробы значна цяжэй.
У цяперашні час актуальнасць пытанняў, звязаных з харчаваннем, абумоўлена дзвюма прычынамі: павышэннем рызыкі інфекцыйнага захворвання COVID-19 і доўгім знаходжаннем людзей дома ва ўмовах самаізаляцыі.
Паводле вызначэння, рацыянальнае харчаванне – харчаванне людзей з улікам іх узросту, полу, характару працы і кліматычных умоў пражывання.
Згодна з законам нутрыентнай (пажыўныя рэчывы) адэкватнасці харчавання, у штодзённым рацыёне пажадана прысутнасць 6 асноўных груп прадуктаў:
- малочных;
- мясных;
- нятлустых сартоў рыбы (можна 2–3 разы на тыдзень);
- крупяных;
- гародніны;
- садавіны.
У летні перыяд для спажывання добра падыдзе курыны булён і агароднінныя супы – усё, што добра засвойваецца нашым арганізмам. А вось ад тлустай, вострай ежы, грыбных страў прыйдзецца адмовіцца – такая ежа вельмі цяжка засвойваецца, асабліва ў гарачае надвор’е, бо актыўнасць ферментатыўнай сістэмы арганізма зніжана, а, разам з ёй – і апетыт.
Каб захаваць цела ў тонусе, неабходна ўвесці ў рацыён дадатковы бялок: тварог, яйкі, рыба, мяса, птушка і морапрадукты.
Выкананне некаторых рэкамендацый у паўсядзённым жыцці дапаможа ў той ці іншай ступені супрацьстаяць інфекцыі:
1. Пітны рэжым. Увільготненыя слізістыя – гэта першы бар’ер на шляху віруса. Лічыцца, што чалавеку неабходна не менш як 25 мл/кг/сут. Аднак гэта лічба можа даходзіць да 60 мл/кг/сут.
2. 80% нашага імунітэту знаходзіцца ў кішэчніку. А ўжыванне прадуктаў, багатых клятчаткай, спрыяе падтрыманню нармальнай мікрафлоры кішэчніка. СААЗ рэкамендуе штодня ўжываць не менш за 400 грамаў рознай гародніны і садавіны.
3. Прадукты, якія змяшчаюць пра-і прэбіётыкі, таксама спрыяюць падтрыманню нармальнай мікрафлоры кішэчніка. Кісламалочныя прадукты з’яўляюцца выдатнай крыніцай кальцыю, вітамінаў і мікраэлементаў, станоўча ўплываюць на натуральную кішачную флору, за кошт утрымання лактабацыл.
4. Для здароўя клеткавых мембран выдатна падыдзе Амега-3. Такія віды марскіх рыб як палтус, ласось, селядзец, тунец, макрэль і сардзіны, а таксама ільняны алей, маюць высокае ўтрыманне кіслот амега-3, якія забяспечваюць будаўнічыя блокі для вытворчасці супрацьзапаленчых гармонаў – эйказаноідаў, дабратворна ўплываюць на імунную сістэму. У суткі для нармальнага функцыянавання арганізма неабходна 1–7 грамаў Амега-3 тлустых кіслот. Амега-3 дабратворна ўплываюць на імунную сістэму чалавека. У рацыёне 2–3 разы на тыдзень павінна быць тлустая рыба. У раслінных алеях змяшчаюцца Амега-6, -9 тлустыя кіслоты, таксама незаменныя для нашага арганізма. Рэкамендуецца спажываць 20–25 грамаў раслінных алеяў у дзень.
5. Вітамін D – самы імунамадулюючы вітамін.
Паўнавартаснай крыніцай вітаміну будзе рыба, самымі карыснымі відамі прызнаны: палтус, скумбрыя, траска, селядзец, тунец і печань гэтых рыб. Іншыя крыніцы вітаміну D – яйкі, субпрадукты, лясныя грыбы, малочныя прадукты. Таксама вітамін D можна піць у прэпаратах або дабаўках, каб атрымліваць не менш як 400–800 МЕ у дзень.
6. Нашы лёгкія – гэта вельмі тлушчазалежны орган, і без паўнавартаснага паступлення тлушчаў у арганізм з ежай праца лёгкіх парушаецца. Фактар, які шкодзіць лёгкім ня менш праславутага курэння, – гэта бястлушчавая дыета. Нястача тлушчаў у рацыёне прыводзіць да таго, што любая інфекцыя, у тым ліку і інфекцыя COVID-19, значна лягчэй пранікае ў бронхі і лёгкія, аслабленыя абястлушчанай дыетай.
У суткі даросламу чалавеку неабходна 70–80 грамаў тлушчаў, да 30% з якіх павінны забяспечвацца тлушчамі жывёльнага паходжання.
7. Мяса, птушка, рыба, малочныя прадукты, яйкі з’яўляюцца крыніцай жывёльнага бялку, які неабходны арганізму для стварэння тканак і сінтэзу гармонаў, а таксама імунных бялкоў – антыцелаў, якія іграюць важную ролю ў абароне арганізма ад бактэрый, вірусаў і паразітаў. Бялкі расліннага паходжання лічацца менш каштоўнымі па складзе амінакіслот, але павінны ўключацца ў рацыён. Найбольш багатымі бялком прадуктамі з’яўляюцца бабовыя (фасоля, гарох, сачавіца, нут), арэхі, насенне (кінаа, кунжут, гарбузовае насенне) і, вядома, соевыя бабы. Даросламу чалавеку неабходна атрымліваць 0,8–1,2 г/кг масы цела бялкоў у дзень.
Аднак усе гэтыя прадукты маюць неспецыфічнае спрыяльнае ўздзеянне на арганізм чалавека, г.зн. карысныя пры любых інфекцыях.
Не варта забываць, што ежа можа нашкодзіць імунітэту. Каларыйныя прадукты, вэнджаніна, кансервы і марынады, рафінаваныя прадукты з перавагай насычаных тлушчаў або транстлушчаў у складзе, фастфуд, цукар і соль зніжаюць натуральную абарону арганізма.
Простыя вугляводы (цукры) – прычына сістэмнага запалення. Крухмал, які змяшчаецца ў бульбе, кукурузе, бручцы і некаторай іншай гародніне, зернях і белых рафінаваных крупах – гэта той жа цукар. Менавіта цукар стварае глікаваны гемаглабін, які “драпае” нашы сасуды, выклікаючы запаленне сасудзістай сценкі. Цукар вельмі любяць патагенныя бактэрыі і грыбкі кішэчніка, заглушаючы рост нашай дабратворнай мікрафлоры і зніжаючы наш імунітэт. Такім чынам, ад прысмакаў, выпечкі і кандытарскіх вырабаў, салодкіх напояў лепш адмовіцца.
Няправільнае харчаванне можа прывесці да атлусцення, а яно, у сваю чаргу, да розных праблем: ад дыябету і сардэчна-сасудзістых захворванняў аж да развіцця анкалагічных працэсаў. Падобныя станы пэўна аказваюць уплыў на цяжкасць ходу каранавіруснай інфекцыі, паколькі любыя хранічныя захворванні з’яўляюцца фактарамі рызыкі развіцця ўскладненняў.
Калі выконваць гэтыя простыя правілы, ёсць шанец не сустрэцца з каранавіруснай інфекцыяй тварам да твару. Таксама не забывайце вытрымліваць дыстанцыю ў грамадскіх месцах, дэзінфікаваць і мыць рукі і выконваць працягваць масачны рэжым. Толькі разам мы зможам супрацьстаяць COVID-19. Інфармацыя падрыхтавана спецыялістамі дзяржаўнай установы “Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”